byby
plpl
26 kwiecień/красавік 2024
22 marzec/cакавік 2014
фота А.Ваўранюкфота А.Ваўранюкфота А.Ваўранюкфота А.Ваўранюкфота А.Ваўранюкфота А.Ваўранюкфота А.Ваўранюкфота А.Ваўранюкфота А.Ваўранюкфота А.Ваўранюкфота А.Ваўранюкфота А.Ваўранюкфота А.Ваўранюкфота А.Ваўранюкфота А.Ваўранюкфота А.Ваўранюк
Мікола Ваўранюк

Экскурсія ў Крынкі

Фантастычныя рысункі Маргарыты Дзмітрук можна было глядзець у Галерэі Крынкі на працягу двух месяцаў. Артыстка памалявала чорным маркерам сцены, падлогу, столь колішняй яўрэйскай мясной крамы, пераўтвараючы яе ў цёплую, свойскую вясковую хату, тым не менш з выдатнай бібліятэкай. На вокнах, прама на шкле, зачароўвала карункавая сетка белых фіранак.
Выстава перад закрыццём набралася колераў. Дзякуючы дзецям з Пачатковай школы № 4 у Беластоку, якія прыехалі ў Крынкі разам з бацькамі ды настаўніцай Алінай Ваўранюк. На ўроках беларускай мовы старэйшыя знаёміліся з творчасцю Маргарыты Дзмітрук, ведалі, на якую выставу едуць, але галоўная частка паездкі да самага канца заставалася таямніцай.
- Тое, што зможам маляваць па сценах так як пані Дзмітрук, было для нас вялікай неспадзяванкай, - сказала Нюта Карнілюк у перапынку між трэцім і чацвёртым коцікам, якіх выводзіла ў кутку пакоя і на падаконніку. – Супер! Цудоўная неспадзяванка.
Кожны мог маляваць тое, што хацеў, без аніякай цэнзуры. На падлозе ўзнікалі пярэстыя дываны ды каляровыя зубры - лагатыпы Падляшскага ваяводства, на сценах - казачныя аднарожцы і цалкам рэальныя камп’ютары ды сотавыя тэлефоны (падключаныя да разетак). А таксама амаль як жывыя павукі ды мухі.
- Гэта ж стары дом, а ў старым доме павінны быць і такія жыхары, - кажа іх аўтар Марцэлі Андрысэвіч.
- Ой, многа тут чаго можна памаляваць, – Зося Конюх ледзь сябе стрымлівала, тым больш, што за яе спіною да ўяўных полак з кніжкамі ўвесь час хтосьці падбягаў і пакідаў на іх свае знакі. – Мне вельмі падабаецца, што можам папаўняць гэтую бібліятэку сваімі “выданнямі”. Ды наогул, цудоўна маляваць па сценах. Я гэтага ніколі раней не рабіла.
Калі хто з дарослых і меў спачатку нейкія сумненні наконт таго, ці гэта добра з пункту гледжання педагогікі, то хутка пераканаўся, што нельга забіваць у дзецях творчы імпэт, крэатыўнасць. Тым больш, што артыстычную актыўнасць дзяцей ухваліў прафесар Лявон Тарасэвіч, які быў куратарам выставы Маргарыты Дзмітрук. А сама артыстка зусім не крыўдавала за эфектныя, хаця часам надта хаатычныя “папраўкі” ейных работ:
- Я цешуся, што дзеткам хацелася прыехаць у Крынкі і яшчэ столькі часу маляваць! Я сапраўды шчаслівая.

* * *

Паездка стала вынікам супрацоўніцтва Аб’яднання ў карысць дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову АБ-БА з Беластока і Фонду Віла Сакратас з Крынак.


Вашае меркаванне


Імя:
Эмаіл:
Каментар
увядзіце тэкст з малюнка: token