byby
plpl
20 kwiecień/красавік 2024
Усё пачалося ў 1995 годзе, калі група бацькоў – ранейшых актывістаў Беларускага аб’яднання студэнтаў - вырашыла заснаваць сваім дзецям беларускі садок у Беластоку. У горадзе беларускай мовы не было тады ў ніводнай асветнай установе, а садкоў з беларускай мовай навучання зусім не было на Беласточчыне . Таму, каб нечага даведацца, давялося наведаць Пунск, дзе здаўна існавала адукацыя па-літоўску, пачынаючы з садка па ліцэй.
Падмацаваныя прыкладам літоўцаў, узяліся за працу. Паклікаючыся на свае - нацянальнай меншасці - правы, бацькі дабіліся дазволу на стварэнне дзвюх груп ў садку № 14 у цэнтры Беластока. Знайшлі настаўніц, якім спадабалася ідэя беларускай адукацыі дашкольнікаў і галоўнае – іншых бацькоў, якія таксама схацелі паслаць свае дзеткі ў беларускае прадшколле. Пасля паўгадовых старанняў, 1 верасня 1995 года беларускія групы пачалі працу. Праўда, садок патрабаваў рамонту, не было ў ім патрэбнай мэблі, кніжак, цацак. Але затое быў вялізны энтузіязм бацькоў і настаўніц. Хутка знайшліся грошы на ўсё патрэбнае. Ад пачатку бацькі ўключыліся ў працу садка. Стварылі абрадавы тэатр, які з часам пераўтварыўся ў праект «Ад абраднасці да тоеснасці», рэалізаваны ў садку па сёння. Сцэнырыі пісалі самі бацькі на аснове падляшскіх абрадаў, а акцёрамі ў спектаклях былі дзеці, настаўніцы і бацькі.
З 1997 года пачаўся чарговы перыяд. Дзецям, якія канчалі садок трэба было стварыць магчымасць навучання беларускай мове ў пачатковай школе. На гэты раз пайшло намнога хутчэй. Дырэктар Пачаткоай школы № 4 у Беластоку Збігнеў Клімовіч, да якога бацькі звярнуліся з просьбай прыняць дзяцей, пагадзіўся адразу. Паставіў толькі адну ўмову: знайсці настаўніцу. З гэтым не было ніякіх цяжкасцей. Настаўніцай беларускай мовы стала Аліна Ваўранюк. Яна, як настаўніца і заадно мама, ад пачатку вядзе ў школе тэатральны і мастацкі гурткі. З 2004 г супольна з бацькамі ладзіць этнаграфічныя летніткі “Я нарадзіўся тут” і экскурсіі ў Беларусь. Бацькі дапамаглі адрамантаваць залу, купілі парты, дошку, дапаможнікі.
Пасля шасці гадоў у пачатковай школе першыя выпускнікі пераходзілі ў гімназію, а пасля чарговых трох – у ліцэй. Бацькі хацелі, каб і там яны працягвалі  навучанне беларускай мове. Сцэнар дзеяння быў ужо вядомы. І так з 2003 існуе навучанне беларускай мове ў Публічнай гімназіі № 7, а з 2006 міжшкольная група ў ІІІ Агульнаадукацыйным ліцэі ў Беластоку.
На гэтым бацькі маглі б завяршыць сваю актыўнасць, але якраз у гэты момант зразумелі, што патрэбная арганізацыя, якая яднала б асяроддзе (з года ў год усё большае) і дазваляла б развіваць шырэй новыя формы дзейнасці. А ідэй было ўсё больш. І так у 2006 годзе ўзнікла Аб'яднанне бацькоў АБ-БА. Галоўная мэта: праца ў карысць дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову, дапамога настаўнікам, інтэграцыя вучняў і бацькоў. Сябры арганізацыі, гэта галоўным чынам бацькі, але таксама ўсе тыя, хто ўсведамляе неабходнасць беларускай адукацыі сярод беларусаў і хоча нешта ў гэтым накірунку зрабіць. З года ў год прыбывае людзей і думак.
У 1995 годзе беларуская адукацыя ў Беластоку пачыналася з трыццаці дзетак у дзвюх дашкольных групах. Сёння ў горадзе беларускай мове вучыцца звыш 250 вучняў. Гэта трэба лічыць поспехам. Быў ён магчымы толькі таму, што над усімі захадамі бацькоў лунала адна ідэя - дабро дзяцей.